Лідчанін Лявон Анацка: "Супермарафон – гэта люстэрка нашага жыцця"

Лідчанін Лявон Анацка: "Супермарафон – гэта люстэрка нашага жыцця", Ольга Никоненко

З 25 студзеня па 10 лютага бягучага года ў сталіцы Грэцыі Афінах праходзіў 13-ты Міжнародны фестываль ультрамарафону. Спаборніцтвы праводзіліся ў разнастайных дысцыплінах з абмежаваннямі як па часе, так і па адлегласцях. У шасцісутачным марафоне прыняў удзел і 56-гадовы лідчанін Лявон Анацка, які заняў другое месца. За шэсць сутак Лявон змог пераадолець 602 кіламетры, саступіўшы толькі фіну Петры Перціла, вынік якога 700 кіламетраў.

– Лявон, напачатку, калі ласка, некалькі слоў пра сябе. Чым вы займаецеся, дзе працуеце, ваша сям’я?

– На працягу апошніх дзесяці год я працую на Лідскай абутковай фабрыцы і займаю вельмі гучную (жартуе) пасаду – рабочы па комплекснаму абслугоўванню будынкаў і памяшканняў. У сферу майго абслугоўвання ўваходзяць усе збудаванні фабрыкі і два інтэрнаты. Маю трох дарослых дзяцей – двух сыноў і дачку. Усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю і жывуць асобна ад мяне. Ужо два дзесяткі гадоў узначальваю лідскі філіял Таварыства беларускай мовы (ТБМ).

– Калі гэта пачалося і што паслужыла штуршком да вашага занятку бегам менавіта на супермарафонскія дыстанцыі?

– Цяжка адназначна адказаць. На нейкім этапе свайго жыцця я адчуў за сабой нейкую асаблівасць: захапіўшыся якой-небудзь працай, я мог працаваць цэлы дзень і нават больш – без адпачынку, не адчуваючы патрэбы ў перапынках. Аднойчы такая праца цягнулася на працягу 32 гадзін! Я вельмі ўдзячны сваім бацькам за тое, што менавіта яны выхавалі ўва мне любоў да працы, зямлі і наогул жыцця. Да разумення гэтага я, на жаль, прыйшоў толькі ў сталым узросце. У дзяцінстве я вельмі шмат хварэў, але гэта мяне не надта засмучала, я ўсё роўна радаваўся жыццю. Напэўна вось гэта любоў да жыцця і дапамагае мне пераносіць яго складанасці. Для мяне не было цяжкасцю ездзіць на ровары ў вёску за 50 кіламетраў. У Навагрудскім раёне каля вёскі Альхоўка знаходзіцца хутар майго дзядулі па бацькоўскай лініі. Мае дзеці не вельмі любілі туды ездзіць, бо надта далёка. На што я казаў ім: «Гэта на аўтамабілі далёка, а на ровары – у самы раз». Мабыць, усё ў сукупнасці і падштурхнула мяне ўпершыню ў жніўні 2015 года адважыцца на 12-гадзінны ўльтрамарафон у Маладзечне. Хацелася выпрабаваць сябе, паспытаць, на што я здатны.

Лідчанін Лявон Анацка: "Супермарафон – гэта люстэрка нашага жыцця", фото-1

– Якімі былі ўражанні ад першай спробы?

– Тады, амаль пешшу, дзе ў абутку, дзе басанож, я прайшоў-прабег 67 кіламетраў. Умовы былі, мякка кажучы, не вельмі прыдатныя. Жнівень, стадыён, тэмпература вышэй 30-ці градусаў. Але гэта была перамога. Перамога над самім сабой. Я адчуў і зразумеў, што я магу!

– Працуючы на абутковай фабрыцы, для ўдзелу ў марафонах вы выкарыстоўвалі лідскія красоўкі?

– Тры марафонскія забегі я, як патрыёт фабрыкі, правёў у лідскіх красоўках. Але потым памяняў іх на больш прыдатны для гэтай справы абутак.

– У якіх спаборніцтвах вы ўдзельнічалі да паездкі ў Афіны?

– У верасні таго ж 2015 года я прыняў удзел у сутачным звышмарафоне на чэмпіянаце Украіны ў Кіеве. Тады за суткі я пераадолеў 136 кіламетраў і заняў другое месца. Асабліва плённым для мяне склаўся 2017 год – я удзельнічаў у 25 афіцыйных стартах і пераадолеў больш за 2000 кіламетраў. На чэмпіянаце свету ў Белфасце (Велікабрытанія) у сутачным марафоне мне пакарыліся 165 кіламетраў. На двухсутачным марафоне ў Вінніцы я пераадолеў 231 кіламетр і ўстанавіў свой першы рэкорд. Былі яшчэ двухсутачныя звышмарафоны ў Кладна (Чэхія) – 256 кіламетраў, Белградзе – 171 кіламетр, Барселоне – 164 кіламетры. Завяршыўся 2017 год у эстонскім горадзе Мерамыйзе 12-гадзінным марафонам. Я фінішаваў у 23 гадзіны 59 хвілін 31 снежня з вынікам 88 кіламетраў і разам з усімі ўдзельнікамі марафона сустрэў Новы 2018 год з бакалам шампанскага ў руках. За год я пазнаёміўся і пасябраваў са многімі цікавымі людзьмі з розных краін.

– Калі, у які момант вы адчулі ў сабе гатоўнасць да ўдзелу ў шасцісутачным ультрамарафоне? Была нейкая ўнутраная барацьба: а ці змагу?

– Калі я прыняў удзел у некалькіх двухсутачных супермарафонах, склалася ўжо нейкая ўпэўненасць у сваіх сілах. Разам з тым, штосьці падштурхоўвала выпрабаваць сябе.

– Як праходзіў сам ультрамарафон? Колькі ўдзельнікаў шасцісутачнага забегу было разам з вамі, як адчувалі сябе ў час забегу? Ці не ўзнікала жадання дзе-небудзь на чацвёрты-пяты дзень кінуць усё гэта?

– Спаборніцтвы праходзілі ў прыгарадзе Афін. Была вызначана дыстанцыя па коле працягласцю 1 кіламетр. У шасцісутачным забегу нас стартавала 6 чалавек і яшчэ 2 – на 1000 міль (1609 км. – Заўвага рэд.). Пазней да нас далучаліся тыя, хто стартаваў на двухсутачныя, сутачныя і іншыя забегі. За першы дзень я пераадолеў 130 кіламетраў і пайшоў на адпачынак. На другі дзень – 90 кіламетраў, на трэці – 100. Пасля пяці сутак марафону за плячамі было 502 кіламетры. Найбольш складанымі былі другі і трэці дні. А вось пасля чацвёртага дня быццам бы адкрылася другое дыханне. І ў апошні дзень я пераадолеў яшчэ 100 кіламетраў. Нават хапіла сіл фінішаваць даволі шпаркім бегам.

– Наколькі строгі рэжым даводзіцца вам весці ў паўсядзённым жыцці, каб падтрымліваць форму?

– Нейкіх вельмі строгіх абмежаванняў я для сябе не вызначаю. Хіба што напярэдадні забегаў стараюся не ўжываць мяса. Раслінная ежа хутчэй засвойваецца і не абцяжарвае арганізм. У адзін з дзён марафону ў Афінах нас падсілкавалі сасіскамі, і пасля гэтага я адчуваў цяжар ва ўсім целе. Цыгарэт не куру, са спіртнога магу дазволіць сабе іншы раз некалькі дзесяткаў грамаў віна. Стараюся прытрымлівацца ўмеранасці ва ўсім.

Лідчанін Лявон Анацка: "Супермарафон – гэта люстэрка нашага жыцця", фото-2

– Як марафонскі бег уплывае на стан арганізма, на здароўе, суставы? Ці часта вы хварэеце?

– Калі я пачаў бегаць, то адчуў агульнае паляпшэнне стану здароўя. У лепшы бок змянілася кардыяграма. У дзяцінстве я больш за дзесятак разоў хварэў на запаленне лёгкіх. У апошні час не ўжываю таблетак. Праблем з суставамі пакуль што не адчуваю. Лічу, што для здароўя чалавеку патрэбен холад, голад і спакой. Трэба радавацца жыццю, быць спагадлівым да людзей, жадаць і несці ўсім толькі дабро. Чалавек павінен у чымсьці пераадолець сябе, узняцца над сваімі слабасцямі.

– Як вы рыхтуецеся да забегаў, якія трэніроўкі праводзіце, дзе трэніруецеся?

– Нейкіх спецыяльных трэніровак я не праводжу. У паўсядзённым жыцці амаль не карыстаюся транспартам, шмат рухаюся. А самым галоўным лічу псіхалагічны настрой.

– Ці ёсць у Лідзе вашы аднадумцы, калегі па занятках бегам на доўгія адлегласці?

– Пакуль толькі некалькі. Але вельмі спадзяюся, што пасля 2 сакавіка іх стане значна больш. Справа ў тым, што 2 сакавіка ў 12 гадзін каля Палаца культурыгорада Ліды стартуе першы (не толькі ў рэспубліцы, але і ў СНД, Польшчы і Прыбалтыцы) міжнародны 48-гадзінны ўльтрамарафон. Да ўдзелу ў ім ужо зарэгістрыраваліся 27 чалавекі з Беларусі, Расіі, Украіны і Малдовы. Сярод іх лідчанін Алег Салянік. Ён паспрабуе сябе ў 48-гадзінным забегу. Безумоўна, буду ўдзельнічаць і я. Хацелася б звярнуцца да чытачоў, жыхароў горада. Пачатак сакавіка – гэта яшчэ не самы цёплы час. Марафон будзе працягвацца 48 гадзін, і калі хтосьці зможа нечым падтрымаць удзельнікаў ці арганізатараў (гарачая гарбата ці кава або яшчэ што-небудзь), мы будзем вельмі ўдзячны! Ды і прысутнасць гледачоў дапаможа зрабіць гэта мерапрыемства цікавым і незабыўным.

– Калі ў некалькіх словах ахарактарызаваць: што такое для вас супермарафон?

– На мой погляд, супермарафон вельмі нагадвае наша жыццё. Вельмі важна размеркаваць свае сілы, не растраціўшы іх на стартавы рывок, каб змагчы годна прыйсці да фінішу.

Даведка: Ультрамарафон, ці супермарафон – дыстанцыя, якая перавышае адлегласць класічнага марафонскага бегу 42 кіламетры 195 метраў.

Гутарыў Міхась Трухан

бег марафон ультрамарфон зож
Если вы заметили ошибку, выделите необходимый текст и нажмите Ctrl+Enter, чтобы сообщить об этом редакции
Оцените первым
(0 оценок)
Пока еще никто не оценил
Пока никто не рекомендует
Авторизируйтесь ,
чтобы оценить и порекомендовать

Комментарии