Свае вырабы ў Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры прадставілі шэсць лідскіх майстроў. На экспазіцыі можна пабачыць карціны, сувенірныя бутэлькі і талеркі, бранзалеты і падвескі, нават насценны гадзіннік… І ўсё са скуры!





«Амаль усе ўдзельніцы выставы – гэта жанчыны пенсіённага ўзросту. Асабліва прыемна, што кожная з іх у сваю чаргу з’яўляецца выпускніцай нашага цэнтра. Пад нашым кіраўніцтвам яны пазнаёміліся з тэхнікай скура-пластыкі і палюбілі яе. Наогул кожны жадаючы мае магчымасць прыйсці да нас і асвоіць якое-небудзь рамяство», – расказвае навуковы супрацоўнік Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая.
Мінула ўжо дзесяць гадоў, як упершыню са скурапластыкай па-знаёмілася Станіслава Баборык.
У мінулым яна тэхнік-механік, а сёння – аўтар прыгожых карцін са скуры. Сярод іх ёсць нават метровыя палотны!На такую работу патрабуецца тры, а то і больш месяцаў. З задавальненнем майстрыца стварае і модную скураную біжутэрыю.
Фішка Раісы Гараян – сувенірныя бутэлькі: вытанчаныя, якія падыдуць для аздаблення інтэр’ера, а таксама з эмблемамі роднага краю і яго краявідаў.
Людміла Лазута са скурай знаёма даўно. Усё жыццё працавала інжынерам-тэхнолагам на Лідскай абутковай фабрыцы.
На заслужаным адпачынку цалкам прысвяціла сябе творчасці. Цудоўныя карціны і насценны гадзіннік, дэкарыраваныя скурай, выкананы яе рукамі.
Таксама на гэтай выставе можна пазнаёміцца з работамі Ксеніі Ожагавай, Алены Муліца і самай маладой, але не менш вопытнай майстрыцы – метадыста Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Дар’і Юрчык.

Наведаць экспазіцыю можна да 20 чэрвеня.