Лета - гэта маленькае жыццё. Як працуюць у Лiдзе прышкольныя лагеры

Мы працягваем расказваць, як адпачываюць лідскія хлопчыкі і дзяўчынкі ў прышкольных аздараўленчых лагерах.

Так, 18 ліпеня ў Крупаўскай сярэдняй школе выхаванцаў летняга аздараўленчага лагера «Дружба» сабрала літара-турная гасцёўня «Ёсць месца на Зямлі, дзе вам заўсёды рады». Сустрэча была прысвечана Году малой радзімы.

Нішто на Зямлі для чалавека не можа быць бліжэй і даражэй, чым той куточак, дзе ён нарадзіўся. Гэта і есць галоўная ідэя, якую хацелі данесці да школьнікаў паважаныя госці — вядомыя паэты Лідскага краю Міхась Іванавіч Мельнік і Алесь Хітрун.

Гэтыя таленавітыя і адкрытыя людзі распавядалі ўдзельнікам сустрэчы пра свой шлях у літаратурную дзейнасць, пра сваё жыццё, якое яны не ўяўляюць без творчасці. Госці прэзентавалі кнігі і часопісы, у якіх друкуюцца, а таксама пачыталі вершы пра малую радзіму і родную мову.

Юныя ўдзельнікі літаратурнай сустрэчы не толькі слухалі творы гасцей у аўтарскім выкананні, але і самі дэкламавалi на памяць вершы беларускіх паэтаў. Асаблівым падарункам для запрошаных на мерапрыемства паэтаў стаў відэаролік. У ім выпускніца Крупаўскай школы Таццяна Ішкула прачытала верш настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Г. В. Жульпы «За што я люблю сваю вёску».

Хочацца верыць, што мерапрыемства здолее ўзмацніць павагу і любоў маленькіх дапытлівых грамадзян да сваёй радзімы, дапаможа ім стаць сапраўднымі гаспадарамі роднай зямлі. Сімвалічна, што яшчэ падлеткам Алесь Хітрун (ён, дарэчы, вучыўся ў Крупаўскай школе) у гэтым самым памяшканні з заміраннем сэрца слухаў вершы лідскіх паэтаў Віктара Бачарова і Міхася Мельніка. Па ўспаміну Алеся, тая сустрэча стала лёсавызначальнай у яго жыцці. Магчыма, і для кагосьці з сённяшніх юных выхаванцаў гэта знаёмства будзе такiм.

А ў СШ №1 для дзяцей ад 6 да 14 гадоў у ліпені адчыніў свае дзверы лагер «Брэменскія музыкі». Як сапраўдныя трубадуры, кожны дзень яны вандруюць па незнаёмых вуліцах, бульварах, завулках казачнага горада Брэмена. Хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, а хтосьці навучыўся не засмучацца пры маленькiх няўдачах. Кожны наступны дзень непадобны на папярэдні і напоўнены новымі ўражаннямі. Дзеці сталі ўдзельнікамі пазнавальных і спартыўных мерапрыемстваў, конкурсных, забаўляльных праграм і віктарын.

У лагеры ў выхаванцаў шмат спраў: яны ходзяць на экскурсіі, глядзяць фільмы ў кінатэатры. А таксама малююць, гуляюць у рухомыя і настольныя гульні.

Вялікая ўвага тут надаецца прапагандзе культуры і здаровага ладу жыцця, замацаванню Правіл дарожнага руху і пажарнай бяспекі. Усё гэта праходзіць у ненадакучлівай, цікавай і займальнай для дзяцей форме. Кожны дзень праводзіцца хвілінка бяспекі.

Лагер «Брэменскія музыкі» цесна супрацоўнічае з Лідскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, Лідскім раённым экалагічным цэнтрам, Лідакінавідэасеткай, АДАІ Лідскага РАУС, Лідскім раённым аддзелам па НС, Лідскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства, Лідскім раённым цэнтрам тэхнічнай творчасці. Працаўнікі гэтых устаноў праводзяць з выхаванцамі лагера майстар-класы, квэст-гульні, інтэрактыўныя пляцоўкі, майстэрні, экскурсіі, практыкумы.

Вядома, гатовага рэцэпту выдатнага лета не існуе. Але педагогі школ перакананы, што паразуменне і добры настрой — сакрэт поспеху. Дарослыя імкнуцца, каб дзецям было весела, а кожны дзень стаў незабыўным.

А. Вінчо, кіраўнік школьнай газеты Крупаўскай сярэдняй школы;

Л. Шаўчук, дырэктар лагера «Брэменскія музыкі»

пришкольныйлагерь
Если вы заметили ошибку, выделите необходимый текст и нажмите Ctrl+Enter, чтобы сообщить об этом редакции
Автор
(0 оценок)
Актуальность
(0 оценок)
Изложение
(0 оценок)
Я рекомендую
Пока никто не рекомендует

Комментарии

Комментарии предназначены для общения, обсуждения и выяснения интересующих вопросов

Ничего не найдено.