Аляксандр Кандраценя кажа, што прычын здаць ЦТ па грамадазнаўстве ў яго было шмат. Жартуе, што галоўная з іх – сталасць. Чалавек не маладзее, а амбіцыі нікуды не знікаюць. Менавіта думка: «А раптам змагу?!» – і прывяла яго ў экзаменацыйную залу.
Ведаў таксама і тое, што ў мінулым годзе выкладчык з гімназіі няблага здаў тэсціраванне па хіміі. І зноў на пытанне самому сабе: «Чаму б не?!» – быў станоўчы адказ.
Не абышлося і без спартыўнага, спаборніцкага складніка. Праверыць сябе, свой прафесійны ўзровень – сур’ёзны выклік. Дарэчы, у аднаго з вучняў Аляксандра Мікалаевіча не так даўно быў 99-бальны вынік па грамадазнаўстве. Таму, як кажуць, трэба было трымаць марку.
Скажу больш: наш герой спыніўся за крок ад сенсацыі. Аляксандр Мікалаевіч здаваў яшчэ гісторыю Беларусі і геаграфію. Вынікам – 98 і 96 балаў адпаведна – не задаволены. «Так хацелася, каб на TUT.BY напісалі пра 300 балаў не толькі «девочки из Ошмян», але і «дедушки из Лиды», – смяецца мой субяседнік.
Калі сур’ёзна, настаўнік Крупаўскай школы лічыць: каб рыхтаваць вучняў не толькі тэарэтычна, але і маральна, варта было прайсці праз гэта самаму. «Нават я – чалавек, па шчырасці, упэўнены ў сваіх ведах – усё адно хваляваўся: у дзень Х прачнуўся рана, сумняваўся ў адказах і нерваваўся, калі чакаў вынікі. А што казаць пра моладзь…» – дадае Аляксандр Мікалаевіч.
Кажа, каб не пайшоў – не вынес бы галоўную параду, якую цяпер можа даць любому вучню. А менавіта – не губляцца і не панікаваць на іспытах. Калі веды ёсць, усё атрымаецца.
Нам жа падалося, што яшчэ адзін сакрэт поспеху ад Аляксандра Кандрацені – пачуццё гумару. Вядома, ЦТ, паступленне – гэта вельмі адказна, але прайсці праз гэты жыццёвы этап прасцей з усмешкай.